СЕЛЕНАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

рэчывы, якія маюць у малекуле сувязь вуглярод — селен. Асн. тыпы: селеніды, дыселеніды, селенолы, селенаксіды, селеноны, селенінавыя і селенонавыя к-ты, селеноніевыя солі, алкіл(арыл)селенгалагеніды, селеністыя гетэрацыклы. Па хім. уласцівасцях аналагічныя сераарганічным злучэнням, але больш рэакцыйназдольныя (напр., селенонавыя к-ты — моцныя акісляльнікі). Маюць высокую біял. актыўнасць, паскараюць метабалічныя працэсы ў арганізме (напр., 6-селенапурын выкарыстоўваецца пры дыягностыцы пухлінных захворванняў, селенацыстын аказвае антывіруснае ўздзеянне). На аснове С.з. атрымліваюць палімерныя матэрыялы.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)